Cовместный белорусско-российский проект «Поезд Памяти»

В рамках белорусско-российского проекта «Поезд Памяти» стартовал Республиканский конкурс "Я патриот своей страны"
 

 

Раённы этап Рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” 

 

Эсэ

Аб той вясне… 

Ярашэвіч Дар’я Андрэеўна, вучаніца 10 класа

 Аб той вясне…

1418 дзён і начэй ішоў наш народ доўгімі дарогамі найцяжэйшай вайны, каб выратаваць сваю краіну і ўсё чалавецтва ад фашызму. У маі гэтага года мы будзем адзначаць 78-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Нялёгкай цаной дасталася яна…

Да нядаўняга часу пра вайну я ведала толькі па кнігах, кінафільмах і расказах ветэранаў. У мяне склаўся пэўны стэрэатып: вайна – гэта гераізм нашых салдат на фронце, партызанская барацьба, спаленыя і разбураныя гарады і вёскі, гібель людзей. І я ніколі не задумвалася, як жылі гэтыя людзі, пра што марылі, як даражылі сваім жыццём і жыццём сваіх блізкіх. Аднак у мінулым годзе, Годзе гістарычнай памяці, мае адносіны да вайны рэзка памяняліся. Да ўрока беларускай літаратуры я рыхтавала паведамленне пра лёс дзяцей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мне трапілася інфармацыя пра дзіцячы канцэнтрацыйны лагер ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.                                                    

Тут у 1943 годзе фашысты стварылі дзіцячы донарскі канцлагер. У панскай сялібе размяшчаўся ваенны шпіталь, для якога неабходна была вялікая колькасць донарскай крыві. Каля 12 тысяч дзяцей з розных куточкаў Беларусі і СССР прайшлі праз яго. Фашысты не толькі забіралі ў іх кроў, але і праводзілі розныя эксперыменты.

 У 2004 годзе тут быў створаны мемарыяльны комплекс “Дзецям — ахвярам вайны”, які ўяўляе сабой Плошчу Сонца з васьмю алеямі-прамянямі,  што разбягаюцца па яблыневым садзе. Пры ўваходзе – скульптура кволай дзяўчынкі з ускінутымі рукамі. На мармуровай школьнай дошцы мемарыяльнага класа выбіта перадсмяротнае пісьмо пятнаццацігадовай Каці Сусанінай бацьку з фашысцкай няволі: “…Завяшчаю, тата! Адпомсці за маму і за мяне! Твая дачка Каця Сусаніна. 12 сакавіка 1943 года”. У цэнтры экспазіцыі знаходзіцца знак-помнік Караблік Надзеі. На беласнежных ветразях напісаны дзіцячыя імёны. А яшчэ дзіцячыя малюнкі… Больш за 20  малюнкаў у вітражах.

Разам з бацькамі летам я пабывала ў Чырвоным Беразе. Эмоцыі перапаўняюць мяне да гэтага часу. Як гэта страшна, калі ты разумееш, што тваё жыццё не ўяўляе ніякай каштоўнасці, што ты толькі матэрыял для вопытаў і эксперыментаў. Асабліва мяне ўразіў мемарыяльны клас з беласнежнымі партамі, за якія так і не селі дзеці-ахвяры вайны. Зараз мы вучымся ва ўтульных светлых класах, маем усё неабходнае і не надта цэнім гэта, бо ўпэўнены, што так будзе заўсёды, таму што за наша шчаслівае жыццё заплацілі ЯНЫ.

Другой важнай падзеяй у маім жыцці стала наведванне выставы “Генацыд. Ведаць. Памятаць” у Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Мне заўсёды здавалася, што пра вайну за столькі гадоў ужо ўсё сказана                        і нічым новым нас не здзівіш, а тут… Слухаючы аповед экскурсавода, я як наяве ўяўляла ўсё тое, што адбывалася тут, на маёй малой радзіме: першыя бамбардзіроўкі, баі, захоп ужо ў чэрвені 1941 года фашыстамі горада і раёна, стварэнне гета, а потым расстрэлы, расстрэлы… І экспанаты музея як нямыя сведкі тых жахаў: маленькія дзіцячыя чаравічкі, дакументы, табель паспяховасці з нямецкай школы, якая працавала тут у гады вайны, асабістыя рэчы расстраляных.

Асабліва мяне ўразіў аповед пра тое, што ў красавіку 2018 года непадалёку ад музея выдзелілі людзям участак для забудовы, а там аказаўся страшэнны “пірог”: сярод пяску бялелі косці, як аказалася потым, 1067 чалавек, у тым ліку астанкі 32 чырвонаармейцаў. 2700 забітых – жахлівае жніво смерці за адзін толькі дзень – 30 кастрычніка 1941 года.

У нашым школьным гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваюцца матэрыялы пра расстрэлы мірных жыхароў непадалёку ад дарогі Сноў – Нясвіж (было расстраляна каля тысячы чалавек). Я зразумела значэнне гэтага страшнага слова «генацыд». Генацыд – гэта знішчэнне людзей нелюдзямі.

 Пад уплывам усяго гэтага ўва мне адбыўся нейкі ўнутраны пераварот: я стала па-іншаму адносіцца да ваенных фільмаў і кніг, да вайны наогул. І зараз для мяне вайна – гэта не толькі подзвіг нашых салдат на фронце… Гэта і забойства ні ў чым не павінных дзяцей ў фашысцкіх лагерах смерці… Гэта і вынішчэнне мірных жыхароў… Гэта і чырвоная ад крыві вада ў нясвіжскім возеры, каля якога былі расстраляны тысячы яўрэяў…Гэта і вываз на фашысцкую катаргу працаздольнага насельніцтва нашай краіны (згодна з архіўнымі звесткамі, толькі з Нясвіжскага раёна было вывезена 2195 чалавек)… І яшчэ шмат і шмат «гэта»…

Самым любімым маім творам пра вайну з'яўляецца аповесць Васіля Быкава «Жураўліны крык». І зараз мне здаецца, што чароды жураўлёў, якія кожную вясну вяртаюцца з выраю на радзіму, – гэты душы загінуўшых у той вайне людзей. Тое, што жураўлі прылятаюць у красавіку, таксама сімвалічна. У маі мы адзначаем свята Перамогі, і крык жураўлёў нагадвае нам, што трэба памятаць, якую дарагую цану заплацілі нашы прадзеды за мір.

 І калі б у мяне была магчымасць выразіць сваю ўдзячнасць салдатам вайны, я б сказала так: «Вялікі вам дзякуй за тое, што ў тыя страшэнныя  гады вы не пакінулі ў бядзе сваю Радзіму, што кожны раз разам са сваімі баявымі таварышамі ішлі ў бой за родных і блізкіх, за мірнае неба над усёй нашай вялікай краінай і над кожнай маленькай вёсачкай, дзе з надзеяй і любоўю чакалі вас родныя. Вы перамаглі, і таму мы ўсе жывём зараз, радуемся кожнаму новаму дню, марым аб шчасці, кахаем. Мы памятаем! Мы ганарымся! Я, як будучы  настаўнік, веру, што памяць аб той вайне не згасне, пакуль жывыя дзеці, унукі і праўнукі салдат-пераможцаў, пакуль мы цікавімся падзеямі вайны, вывучаем іх. Няхай вайна не нагадвае пра сябе ніколі! Светлая памяць усім героям, якія абаранялі нашу краіну!

Хутка май… Зноў расцвітуць сады, павее водарам чаромхі і бэзу. 9 мая мы ўсёй сям'ёй прымацуем сабе на адзенне георгіеўскія стужачкі – сімвал памяці і веры ў тое, што вайны больш ніколі не будзе, і панясём кветкі да помніка загінуўшым салдатам…

поделиться в: